Поддержать нас
Беларусы на войне
  1. «Нас чуть не убили». В соцсетях пишут о нападении на семью беларуса в Грузии — сам мужчина говорит о многолетней травле
  2. В Варшаве прощаются с Александром Милинкевичем
  3. «Вы лучший хирург Беларуси». Известный врач Андрей Любецкий рассказал о разговорах с сотрудниками колонии в заключении
  4. На субботу объявили красный уровень опасности — один регион раскалится до +36 градусов
  5. Полмиллиона человек в Беларуси лишатся части «чернобыльских» льгот
  6. «Пусть хотя бы на пару месяцев встанет за учительский стол». Педагог ответила министру образования Иванцу
  7. Из Минска до аэропорта можно будет доехать на скоростном поезде за 30 минут
  8. Кто стоит за компанией «Патриот», которая рекламирует свои футболки и худи кадрами с реальных задержаний
  9. «Сейчас я должна буду раздеться». Беларуска рассказала о новой практике допросов на границе
  10. Комбайнер работал 40 дней подряд без выходных. Сколько заработал?
  11. Что за новая практика с раздеваниями на границе — спросили у Госпогранкомитета
  12. Чалавек, які даў надзею. Якім запомнілі Аляксандра Мілінкевіча вядомыя беларусы
  13. Налоговики рассказали, кто может попасть под «административку» из-за новшества, которое заработало этим летом
  14. В Минске мужчина в маске ворвался в ювелирный магазин с предметом, похожим на пистолет. Он забрал украшения и скрылся
  15. В препарате обнаружили бактерии. Девять человек умерли в Бресте и Минске — всем им вводили одно и то же лекарство
  16. На воскресенье — оранжевый уровень опасности. В некоторых районах обещают штормовой ветер на 9 баллов по шкале Бофорта
Чытаць па-беларуску


/

У самым сэрдцы Варшавы, у касцёле святога Яна, адбылася святая імша-паніхіда па Аляксандры Мілінкевічы. Развітацца з вядомым палітыкам, грамадскім дзеячом і навукоўцам прыйшлі сотні беларусаў. «Люстэрка» паразмаўляла з некаторымі з іх.

Прощание с Александром Милинкевичем. 22 августа 2026 года, Варшава, Польша. Фото: lookby.media
Прощание с Александром Милинкевичем. 22 августа 2026 года, Варшава, Польша. Фото: lookby. media

Павел Мажэйка, прэс-сакратар Аляксандра Мілінкевіча на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года

«Кампанія 2006 году — гэта быў шыкоўны час, калі ты бачыш вакол сябе масы людзей, беларусаў, якія думаюць таксама, як ты, якія бачаць Беларусь свабоднай дзяржавай. Перадусім дзяржавай, дзе шануецца закон, дзе людзі, калі выбіраюць сабе кіраўніка, то выбіраюць на канкрэтны тэрмін, дзе ёсць свабода выбараў, свабода слова, свабода перакананняў. Таму для мяне тады дакладна не стаяла ніякага выбару — дапамагаць у гэтым Аляксандру Мілінкевічу і камандзе, якая была з ім. Гэта быў нармальны жыццёвы выбар, я хацеў і хачу жыць у краіне, дзе шануюцца законы. Таму тут было адназначна.

Трэба разумець, што мне было тады на 20 гадоў менш і, канечне, пэўны максімалізм, калі ты разумееш, што дастаткова проста прыйсці на выбарчыя ўчасткі і паказаць, што аграмадная маса людзей хоча жыць у іншай краіне. Але гэта, як мы бачым, ва ўмовах дыктатуры ці нават таталітарызму не працуе.

Але калі вяртацца да 2006 года, то гэта, канечне, самыя шыкоўныя ўспаміны — калі ты бачыш гэты ўздым. Той жа самы ўздым 2020 года не быў бы магчымым, калі б не было Мілінкевіча і не было 2006 года».

Аляксандр Фядута, паліттэхнолаг, літаратуразнаўца, экс-палітвязень

«У польскага рэжысёра Анджэя Вайды ёсць такая кінатрылогія: „Чалавек з мармуру“, „Чалавек з жалеза“ і „Валенса. Чалавек надзеі“.

Аляксандр Мілінкевіч быў для беларусаў чалавекам надзеі. Надзеі на будучыню еўрапейскую, дэмакратычную, добрую. А таму, што сам ён быў дэмакратычны, еўрапейскі і вельмі добрым чалавекам.

Нас з ім звязвала шмат чаго. Перш за ўсё тое, што мы абодва былі гарадзенцамі. І заўсёды цяжка, калі выдатны гарадзенец сыходзіць».

Святлана Ціханоўская, лідэрка дэмакратычных сіл (з выступу на развітанні)

Прощание с Александром Милинкевичем. 22 августа 2026 года, Варшава, Польша. Фото: lookby.media
Прощание с Александром Милинкевичем. 22 августа 2026 года, Варшава, Польша. Фото: lookby. media

«Хочацца верыць, што цяпер, там, з нябёсаў, ён бачыць, колькі людзей прыйшло сёння з ім развітацца. Колькі тут яго сяброў, паплечнікаў, вучняў. І як шчыра яго любілі беларусы.

А Аляксандра Мілінкевіча было немагчыма не любіць.

Ён быў чалавекам рэдкай інтэлігентнасці. Меў надзвычайную эмпатыю і павагу да кожнага. Умеў слухаць — і чуць.

Памятаю, калі я да яго звярталася, ён заўсёды пачынаў з аднаго: „Чым магу дапамагчы?“ І сапраўды дапамагаў — чым толькі мог.

У яго быў рэдкі талент яднаць людзей — тое, чаго так часта не хапае ў палітыцы. Ён быў тым палітыкам, на якога хацелася раўняцца».

Павел Латушка, палітык, намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК)

«У гэтыя дні я ўзгадаў, як у 1990-я гады Аляксандр Мілінкевіч стаў віцэ-мэрам Гродна. У мяне тады, як у юнака, з’явілася надзея. Пазней, калі ён быў кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, таксама была надзея. Надзея на тое, што хутка адбудуцца змены ў Беларусі, калі такія людзі прыходзяць у палітыку.

Ці можна сёння сказаць, што з яго смерцю надзея знікла, яна растварылася? Не. Я думаю, што надзею гэтую Аляксандр перадае разам з сілай. Сілай працягваць змагацца за тое, пра што ён марыў — пра вольную, дэмакратычную, незалежную Беларусь».

Ігар Лосік, блогер, экс-палітвязень

Блогер Игорь Лосик на прощании с Александром Милинкевичем. Варшава, Польша, 22 августа 2026 года. Фото: пресс-служба Светланы Тихановской
Блогер Игорь Лосик на прощании с Александром Милинкевичем. Варшава, Польша, 22 августа 2026 года. Фото: пресс-служба Светланы Тихановской

«Асабіста мы не былі знаёмыя. Калі была Плошча 2006 года і я яшчэ вучыўся ў школе ды не цікавіўся палітыкай, то глядзеў два тэлеканалы — RTVi і Euronews. І вось там я ўпершыню пабачыў тое, што адбываецца, даведаўся, што ёсць нейкія кандыдаты ў прэзідэнты. Мне вельмі спадабаўся Аляксандр Мілінкевіч.

Гэта быў час натхнення. Ад 2006 года і я, і маё пакаленне дагэтуль нясуць яшчэ той запал, які мы тады адчулі.

Вельмі, вельмі шкада, што такія людзі сыходзяць — легендарныя людзі, якія зрабілі шмат усяго і для свабоды, і для беларусаў, і для еўрапейскай будучыні».

Алесь Лагвінец, грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг і перакладчык

«Мы пазнаёміліся 21 год таму тут, у Варшаве. Я доўгі час быў побач з Аляксандрам Мілінкевічам, для мяне гэта быў вялікі гонар. Тое, як ён ставіўся да людзей, як ён любіў Беларусь і адстойваў яе інтарэсы, — гэта, сапраўды, вышэйшы клас.

Велізарнага значэння чалавек. Ён застанецца ў нашай памяці. І вельмі важна, каб ягоная спадчына ў рэшце рэшт панавала і квітнела ў Беларусі».

Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай

Беларусские политики на прощании с Александром Милинкевичем. Варшава, Польша, 22 августа 2026 года. Фото: пресс-служба Светланы Тихановской
Беларусские политики на прощании с Александром Милинкевичем. Варшава, Польша, 22 августа 2026 года. Фото: пресс-служба Светланы Тихановской

«Мы пазнаёміліся ў канцы 1990-х гадоў, калі бацькі мяне бралі ў Гродна на розныя летнікі — моладзевыя, студэнцкія. І там быў Аляксандр Мілінкевіч, і былі ягоныя сыны, з якімі мы таксама сябравалі. Памятаю, што мы плавалі на нейкім карабліку. Мне тады было 10−11 гадоў. І гэта быў такі заўжды добры дзядзька, які вучыў мудрасці, беларускасці.

А потым ужо ў 2006 годзе мы актыўна перасекліся падчас выбарчай кампаніі. Я тады займаўся сайтамі, медыямі і прапанаваў сваю дапамогу, каб весці сайт Мілінкевіча. І ў нас там была такая гвардыя маладых тэхнічных, творчых людзей, якія проста спрыялі медыяслужбе падчас кампаніі Мілінкевіча.

Ну і потым усё жыццё перасякаліся: то там, то сям. І нават цяпер, у выгнанні, у Варшаве, я ўдзельнічаў у Вольным беларускім універсітэце. Ён заўжды дапамагаў нам у працы Офіса — і парадаю, і сваім удзелам. Таму гэта чалавек, які заўжды быў побач, і які быў блізкі многім беларусам».

Уладзімір Лабковіч, праваабаронца «Вясны», экс-палітвязень

«Спадара Аляксандра я ведаю даўно, яшчэ з 2001 года, калі ён быў кіраўніком штаба кандыдата ад апазіцыі Сямёна Домаша. Я тады быў маладым юрыстам ад партыі БНФ і дапамагаў у юрыдычных пытаннях фармаванню ініцыятыўнай групы, збору подпісаў, іх праверцы для падачы ў Цэнтральную выбарчую камісію.

Я ганаруся тым, што пэўны час быў ягоным паплечнікам, кіраўніком юрыдычнай службы, калі Мілінкевіч стаў адзіным кандыдатам. І мы вельмі шмат разоў сустракаліся, размаўлялі, камунікавалі, раіліся адзін з адным, калі ён ужо стварыў „Рух за Свабоду“.

Гэта надзвычай важны чалавек для мяне асабіста, для майго жыцця. І ў нас было вельмі шмат размоў і нават сяброўскіх сустрэч. Гэта чалавек, які шмат у чым мяне сфармаваў, і шмат у чым светапоглядна мне дапамог у жыцці».

Аляксандр Івулін, блогер, экс-палітвязень

«Даведаўся пра Мілінкевіча я даўным-даўно, яшчэ калі жыў у Оршы. Мы доўга не маглі пазнаёміцца ў афлайне. Я пісаў яму наконт інтэрв'ю, нейкіх гісторый — гады два пісаў, але ён усё адкладаў. Аляксандр адмаўляў у інтэрв'ю, але я на яго не крыўдзіўся, бо ён гэта вельмі душэўна рабіў.

У рэшце мы з ім запісаліся для праекта „Гэта топ“, быў выпуск, прысвечаны [апошняму каралю Рэчы Паспалітай і вялікаму князю літоўскаму] Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Бо менавіта Аляксандр Мілінкевіч знайшоў рэшткі Панятоўскага, перадаў іх у Варшаву. І па іроніі лёсу менавіта ў гэтым касцёле яны і ляжаць. І сёння тут адбываецца развітанне з Мілінкевічам. Гэта вельмі сумная гісторыя, што такі чалавек сыходзіць, і, на жаль, прынамсі зараз, не будзе пахаваны на радзіме».

Сяргей Будкін, дырэктар Беларускай рады культуры

«Як і большасць людзей майго пакалення, я ўпершыню пачуў пра Аляксандра Мілінкевіча падчас выбарнай кампаніі 2006-га. Тады ён выклікаў абсалютную сімпатыю як прабеларускі чалавек, адкрыты, шчыры, інтэлігентны, адукаваны. І, безумоўна, мы выходзілі тады на шэсці, мітынгі і натхняліся яго прамовамі.

Ужо далей, калі мы бліжэй пазнаёміліся, ён распавёў пра тое, што рабіў для Гродна, для грамадзянскай супольнасці, беларускай культуры і нават для беларускага спорту. Апошнія гады мы былі даволі блізкія. Спадар Аляксандр кансультаваў нас па прасоўванні Беларускай рады культуры ў Польшчы, знаёміў з магчымасцямі, з людзьмі. Мы дапамаглі выдаць часопіс Free Belarus Journal, якім ён так вось займаўся. Цяпер мы думаем пра тое, як падтрымаць далей Вольны беларускі ўніверсітэт, які ён вызначаў як адну са спраў свайго жыцця — пабудову сапраўды нацыянальнага ўніверсітэта, які мог бы пасля працаваць у Беларусі.

Вельмі шкада, што Мілінкевіч не дачакаўся новай Беларусі. Але ён зрабіў шмат для таго, каб наблізіць гэта».

Паўлюк Быкоўскі, журналіст, медыяэксперт

«У выбарчай кампаніі 2006 года раптам перафарматавалася беларуская грамадска-палітычная прастора, бо атрымалася дамовіцца пра адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл. Гэтай асобай стаў чалавек не сталічны, які раптам выйшаў на нацыянальны ўзровень.

Яго, безумоўна, ведалі людзі ў рэгіёнах і лідары грамадскіх аб’яднанняў, бо да гэтага спадар Мілінкевіч правёў вялікую працу і ў штабе Домаша, і стварыўшы Беларускую асацыяцыю рэсурсных цэнтраў, аб’яднаў шмат якія грамадскія ініцыятывы. Але само па сабе, на нацыянальным узроўні гэта было нешта новае.

Прощание с Александром Милинкевичем. 22 августа 2026 года, Варшава, Польша. Фото: lookby.media
Прощание с Александром Милинкевичем. 22 августа 2026 года, Варшава, Польша. Фото: lookby. media

Адна з мэтаў, якую ставіў Мілінкевіч у кампаніі — я памятаю з інтэрв'ю, — гэта тое, што трэба прабудзіць грамадзянскую свядомасць у беларусаў. І менавіта гэта атрымалася зрабіць.

Тое, што Мілінкевіч з рэгіянальнага ўзроўню падняўся на нацыянальны, — гэта адбывалася навідавоку і працягвалася далей, бо аказалася, што не ўся палітыка робіцца на мінскім асфальце».

Уладзімір Жыгар, прадстаўнік BELPOL

«Мы пазнаёміліся яшчэ ў 2006 годзе — гэта быў мой першы крок у супраціў. Я яшчэ ў 10-м класе вучыўся, і быў у мазырскай камандзе Мілінкевіча. А ўжо потым мы з ім працягнулі знаёмства тут, у эміграцыі. Гэта пазітыўны чалавек, вельмі культурны, і з ім было заўсёды прыемна размаўляць».

Дзмітрый Ягораў, прадстаўнік BYSOL

«Аляксандр Мілінкевіч быў фігурай вельмі вядомай у Горадні яшчэ да выбараў 2006 года. Я ў той час быў юнаком, але колькі сябе памятаю, колькі я памятаю спадара Аляксандра, пра яго можна было сказаць, што гэта чалавек вельмі годны, прынцыповы і вельмі наш, вельмі гарадзенскі.

Калі ён стаў кандыдатам у прэзідэнты, для шмат каго з гарадзенцаў гэта быў не толькі гонар, але і вялікая надзея. Памятаю, што тады вельмі шмат моладзі яго падтрымлівала менавіта як чалавека вельмі дэмакратычнага, прасунутага, які быў экспертам у галіне нашай гісторыі, культуры, беларушчыны. Таму вельмі шмат надзеяў таксама ўскладалася на тое, што ён стане прэзідэнтам. І я лічу, што Мілінкевіч — гэта сапраўды той чалавек, які быў годным несці гэтую пасаду і стаць прэзідэнтам Беларусі».

Ксёндз Аляксандр Барок (урывак з прамовы)

Ксёндз Александр Барок на прощании с Александром Милинкевичем. Варшава, Польша, 22 августа 2026 года. Фото: пресс-служба Светланы Тихановской
Ксёндз Александр Барок на прощании с Александром Милинкевичем. Варшава, Польша, 22 августа 2026 года. Фото: пресс-служба Светланы Тихановской

«Мы развітваемся з вялікім сынам беларускай зямлі. Мы развітваемся з чалавекам, які для вялікай часткі нашага народа беларускага стаў сімвалам непахіснай надзеі.

Ён паказаў нам, што за свабоду не змагаюцца з нянавісцю ў сэрцы. Ён паказаў, што зло перамагаецца дабром. І ў гэтым застаўся верным мудрасці Евангелля.

Я вельмі добра ведаю, якім вялікім болем для Аляксандра была неабходнасць пакінуць любімую краіну. Ён насіў сваю родную Гродзеншчыну і нашую Бацькаўшчыну глыбока ў сэрцы. У ягоных жылах цякла кроў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

Гэтая любоў да Радзімы, укаранёная ў хрысціянскіх каштоўнасцях, не дазваляла яму спыніцца нават у эміграцыі. Ён будаваў Вольны беларускі ўніверсітэт, клапаціўся пра моладзь, вучыў нас не падаць духам.

Ён зямной Айчыне служыў бескарысліва, не шукаючы ўласнай славы, за што быў прызнаны ва ўсім свеце.

Мы верым, што пасля месяцаў цяжкай хваробы, пасля цяжкасцяў зямнога выгнання Бог адкрые перад ім брамы вечнай Айчыны. Там няма нясправядлівага прысуду, няма дыктатур, няма пакут».